Egl? ?al?i? karalien?
juli_erde — 20.05.2010 "Эгле - каралева вужоў" - літоўскі анімацыйны фільм 2003-га году, асноваю якога стаў старажытны балцкі міт пра гісторыю кахання дзяўчыны, чалавечай дачкі, і Вужа, уладара падводнага свету.Для мультфільма выкарыстаная музыка фолк-гурта Кулгрында.
А для сваёй маленькай пляменніцы, у якой пад ганкам хаты, дзе яна жыве з бацькамі, вужы квартаруюць пэўна столькі ж, колькі тая хата стаіць, а то і даўжэй, я зрабіла адмысловы пераклад літоўскай народнай казкі на беларускую мову.
Ілюстрацыі чэсна-прычэсна скрадзеныя з сеціва. Калі хто падкажа імя аўтара, то атрымае маю бязмежную ўдзячнасць. Але вернемся ўсё ж да казкі. Ну дык вось, паслухайце, як гэта ўсё некалі адбылося...
Даўным-даўно, у незапамятные часы, жыў стары са сваёю старою. Было ў іх дванаццать сыноў і тры дачкі.
Аднога разу ўлетку вечарам пайшлі сёстры купацца на возера. Вось яны наплаваліся, паплёскаліся ўволю і вылезлі на бераг. Дзьве старэйшыя апрануліся, а малодшая, яе клікалі Елкаю, бачыць – улез у рукаво кашулі Вуж і шыпіць на яе. Як жа ж тут быць? Схапіла старэйшая сястра з зямлі дручок, хацела яго прагнаць, але Вуж павярнуўся да малодшай і загаварыў чалавечым голасам:
— Назавіся, Елачка, нявестаю маёю, тады я і сам выпаўзу!
Зазлавала, засердавала Елка, а сёстры смяюцца.
— Чым ні жаніх табе, кажуць, — згаджайся, сястрычка.
І дадому пабеглі.
Засталася Елка адна на беразе. Сонца закацілася, зусім цёмна стала. Страшна дзяўчыне, але без кашулі дахаты не пойдзеш. Заплакала Елка: як гэта яна пабярэцца з Вужам? Сярдуючы малілася, прасілася яна:
— Аддай кашулю дабром, мілы Вужу, а сам паўзі, скуль прыпоўз.
А Вуж сваё вёў:
— Абяцай, што станеш маёю жонкаю, тады і выпаўзу.
Што рабіць было Елцы? Узяла дый паабяцала. Вуж выпаўз з рукава, а дзеўка схапіла кашулю — і бегма бягом за сёстрамі следам дахаты.
Не прайшло і трох дзён, як прыпаўзлі да старых вужы. А Елка сядзіць ля вакна, прадзе кудзелю, песенькі пяе. Пра абяцанку, што змею дала, й думаць забылася. Глядзіць - аж паўнюсенькі двор вужоў набіўся, шыпяць, звіваюцца. Елачка хутчэй з пакою — шусь у клець, забілася ў куточак ды калоціцца са страху.
Уваліліся някліканыя госцікі, тры самых велькіх, праз парог у хату — змаўляцца са старымі й нявестаю. Кажуць:
- Прыйшлі мы сватамі ад самога караля вазёрных водаў. Прыбірайце вашую дачку меншую. Яна абяцалася стаць нашаму пану жонкаю.
Спачатку бацькі здзівіліся, ўзлаваліся, чуць нічога не жадалі. Хай ён і кароль, ды ўсё адзіна, гад паўзучы, вуж халодны. Шкада гэдыкаму дачушку аддаваць. Але што ж з такой процьмай вужоў паробіш? Хоцькі-ня-хоцькі, а даводзіцца весці ім малодшую, самую прыгожую дачку. Не адразу бацькі саступіліся. Загадалі вужам пачакаць, самыя паціхеньку выправіліся да старое суседкі і ўсё ёй пераказалі. Суседка й мовіць:
— Вужоў лёгка можна абдурыць: аддайце ім замест дачкі гуску, ды й адпусціце сватоў. Дзе тым вужам адрозніць!
Бацька з маткаю гэтак і зрабілі. Прыбралі хораша беленькую гуску, выняслі і кажуць сватам:
— Вось дачка малодшая. Вязіце нявесту да жаніха.
Вужы пасадзілі гуску ў карыта і адбылі з падворку. Ды толькі-толькі пад’ехалі сваты да брамы, закувала з плоту зязюля:
Ку-ку, ку-ку,
Падман, падман,
Сасваталі замест нявесты гуску вам!
Ку-ку, ку-ку!
Узлаваліся вужы, кінулі тую гусь, павярталіся. Зашыпелі, засвісцелі, патрабуюць сапраўдную нявесту. Бацькі – ізноў да старой суседкі. З яе парады апранулі белую авечку і сватам аддалі.
— Не хацелася з дачкою развітвацца, — кажуць вужам, — ды што ж паробіць! Бярыце яе, вязіце да жаніха.
Вужы павялі белую авечку. Паўвёскі правялі, ды з дрэва на кірмашовай плошчы зноўку закувала зязюля:
Ку-ку, ку-ку,
Падман, падман,
Далі замест дачкі авечку вам!
Ку-ку, ку-ку!
Прыпаўзлі сваты назад, зашыпелі:
— Не, — кажуць, — ня тая нявеста.
Гэтым разам падвучыла старая суседка аддаць сватам белую цялушку. Прывялі белую цялушку, пунсовай стужкай абвілі ёй шыю, аддалі сватам. Пагналі вужы па вёсцы цялушку да самай ваколіцы. А там у застаронні на кусце зязюля сядзіць, па-зязюльчынаму кажа:
Ку-ку, ку-ку,
Падман, падман,
Далі замест дачкі цялушку вам!
Ку-ку, ку-ку!
Горш таго ўзгнявіліся вужы, пагражалі бацькам і патопам, і засухай, і голадам за тое, што не трымаюць сваё слова. Кажуць:
— Мы да вас з пашанаю, а вы вось якія! Тройчы падманулі! Глядзіце, калі чацьверты раз падманеце, не абмінуць вам бяды. Зубамі пагрызем мы вашыя дрэвы ў садох, хвастамі паб’ем пасевы на палёх.
Пачула з клеці Елка тыя словы і выйшла на падворак. Кажа сватам:
— Я давала слова, я і адказваць стану. Вядзіце мяне да жаніха!
Паплакала радзіна па Елачцы, але што ж паробіш. Прыбралі хораша красуню і аддалі вужам.
Сваты па вёсцы паўзуць, за сватамі Елка ідзе, за Елкаю вужы ў пыле ўюцца — нявесту да жаніха праводзяць. А тудака ізноў зязюля кувае:
Ку-ку, ку-ку,
Хутчэй вязіце маладую,
Бо дужа малады сумуе.
Ку-ку, ку-ку!
Нарэшце Елка з вужынаю світаю прыехала на бераг возера. Вада ў возеры ўспенілася, забурліла, ад берага адступіла. А на пяску ля берага сустракае яе прыгожы юнак – статны, пышны, у багатых шатах.
— Я жаніх твой, Елачка, — кажа юнак. — Для іншых людзей я вуж, што па зямлі віецца. Толькі дзеля цябе, дзяўчына, скінуў я змееву скуру, табе адной адкрыўся. Ці пакахаеш мяне, красуня?
— Пакахаю, — сказала Елка, — жонкаю табе вернаю стану.
Пераправіліся яны на бліжні востраў і спусціліся адтуль пад зямлю, ў падводнае каралеўства. А на дне стаяў багаты палац. Там і вяселле зладзілі. Ажно тры тыдні гулялі: пілі, танчылі, маладых хвалілі.
У палацы Вужа ўсяго было даволі. Павесялела Елка, супакоілася, а там і зусім забылася на родны дом.
Прамінула с таго часу дзесяць шчаслівых гадоў. У Вужа з Елкаю ўжо тры сыны было: Дуб, Ясень і Бяроза – і дачка Асінка, самая меншая. Добра жылося Елачцы, і дзеткі ўдаліся — ласкавыя, паслухмяныя, і муж яе кахаў і бярог.
Але вось аднойчы гарэзнічаў старэйшы сын і пачаў у маці дапытвацца:
— А дзе жывуць твае бацькі, матулечка? Вось бы іх наведаць!
Толькі тады і прыгадала Елка бацьку з маткаю, сясцёр, дванаццаць братоў — усю сваю радзіну. І задумалася яна: як там ім жывецца? Ці здаровыя, ці жывыя, а мо’ старых ужо і на свеце няма? І дужа захацелася ёй зірнуць на родны дом. Столькі гадоў не была там, не бачыла сваіх, так засмуткавала па ім. Цягне Елку з бацькамі пабачыцца, ласкавым слоўцам з братамі перакінуцца, з сёстрамі за калаўротам песень папяяць. Але муж спярша і чуць нічога не жадаў:
— Хіба кепска табе ў падводным каралеўстве? — пытаецца ён у яе.
— Вельмі добра, — адказвае Елка. — Ды кепская тая дачка, што сваіх бацьку з маткаю забудзецца навек.
— Згода, — нарэшце вымавіў Вуж. — Адпушчу цябе, толькі спярша спрадзі вось гэтую залатую кудзелю, — і паказаў ёй на прасніцу.
Узялася Елка за прасніцу — і дзень прадзе, і ноч прадзе, а кудзелі меней ня робіцца. Нібыта нават прыбывае толькі працы. Скеміла Елка, што тут нейкі падман — кудзеля тая, відаць, была зачараваная, прадзі не прадзі — усё адно не спрасці. Звярнулася яна да старой нянькі, што малодшую дачку гадавала:
— Мамачка, галубачка, навучы мяне, як спрасці гэтую кудзелю.
Старая й навучыла:
— Запалі ў печы, кінь залатую кудзелю ў агонь, інакш увавек не спрадзеш, хоць бы і да маіх год дажывеш.
Вярнулася Елка дахаты, запаліла ў печы — нібыта пад хлябы, і кінула ў вагонь кудзелю. Ніткі так і заняліся. І ўбачыла Елка рапуху, велічынёю з добры валёк. Яна скакала ў агні і выпускала з сябе залатую кудзелю. Елка з аднога канца прала, а з другога кудзеля яшчэ даўжышаю рабілася. Ну а цяпер Елка усю работу за адну ноч зрабіла.
Спрала кудзелю і зноўку стала прасіць мужа адпусціць яе на некалькі дзён пагасцяваць у бацькоў. Гэтым разам дастаў муж з-пад лаўкі жалезныя чаравікі, працягнуў жонцы і сказаў:
— Я ад сваіх словаў не адмаўляюся. Як зносіш гэтыя чаравікі, так і пойдзеш.
Абулася Елка, і давай цалюткімі днямі блукаць, разбіваць іх аб вострыя камяні. А чаравікі тоўстыя, моцныя, не стаптваюцца, ды й толькі. Нават не падрапаліся. Зносу ім няма, на доўгі век хопіць.
Глядзіць старая нянька на яе і галавой хістае:
— Не марнуйся, дачушка, сто гадоў пражывеш — сто гадоў чаравікі цэлымі застануцца.
— Навучы, мамачка, навучы, галубачка, што мне рабіць, - просіць Елка.
— Аднясі чаравікі да каваля, няхай кіне іх у горн.
Елка так і зрабіла. Чаравікі пракаліліся й прагарэлі, яна ў тры дні страпала іх і зноўку просіць мужа адпусціць яе да бацькоў.
— Згода, — сказаў муж. — Я ад сваіх словаў не адмаўляюся. Толькі спярша спячы зайчыны пірог у гасцінец, а то чым будзеш частаваць братніных дзяцей? Глядзі, асудзяць цябе людзі, скажуць, заганарылася зусім.
Тут Елка і прыгадала. Яшчэ калі яна маленькаю была, і здаралася бацьку з маткаю некуды з хаты з’язджаць, — аніколі яны з пустымі рукамі не вярталіся. Прывязуць пірог, усіх дзетак кавалкам надзеляць і пры тым такія словы скажуць: "Дарогаю ішлі, ў зайчыную хатку зайшлі, заяц нам пірог згатаваў, во й вам кавалачка перадаў". Так па ўсёй Літве здавён вялося. Засаромелася Елка, што яна на дзедаўскі звычай забылася. І пабегла яна пекчы пірог.
А муж загадаў паціхеньку ўсе вёдры і гаршчкі пахаваць, каб Елцы не было ў чым паставіць цеста. Адно рэшата пакінуў. Доўга ламала галаву Елка, як прынесці ваду без вядра, як замясіць цеста бяз квашні? Ня рэшатам жа: вада ў дзірачкі пральецца, мука прасыпецца.
Але і тудака старая нянька дапамагла.
— Замаж рэшата закваскаю, зачарпні вады і ў ім жа цеста замясі.
Елка так і зрабіла. Замясіла цеста, ані кропелькі вады не праліла, ані жменькі мукі не прасыпала. Спякла пірагі і сабралася з дзецьмі ў дарогу. Стала з мужам развітвацца.
Праводзіў яе сумны Вуж на сухі бераг і наказаў:
— Гасціце ж не даўжэй за дзевяць дзён, а на дзесяты вяртайцеся! Выходзь на бераг з дзецьмі і без праважатых ды пакліч мяне гэтакімі словамі:
— Як жывы ты, муж мой верны,
Пырснуць хвалі белай пенай,
Як памёр ты — то чырвонай…
Закіпіць мора малочнаю пенаю, ведай, што я жывы, а закіпіць крываваю пенаю — значыцца, надыйшоў мне канец. А вы, сыны, і ты, дачка, нікому не прагаварыцеся, як мяне выклікаць. Слова дайце, што аб чым знаеце, людзям не адкрыеце.
Далі дзеці слова.
Развітаўся Вуж з імі і пазычыў добрага вяртання.
Колькі ж было радасці, калі Елка падышла да роднага парогу. І радзіна, й суседзі сабраліся паглядзець на яе. Адзін за другім распытваліся, як ёй жывецца з тым Змеям. А яна толькі апавядала й апавядала. Усе адзін перад адным віталі яе, частавалі, казалі добрае. І не заўважыла Елка, як прамінула дзевяць дзён.
А тым часам браты, сёстры, старыя бацькі радзіліся, як бы ўтрымаць Елачку дома, не аддаваць яе зноўку Вужу. Сталі яны яе ўгаворамі ўгаворваць:
— Адмоўся ад мужа, заставайся з намі навекі. А прыйдзе муж за табою, — абяцаем, што цябе не аддамо, ўбаронім.
Адказвала Елка:
— Не справу вы кажаце. Як жонцы мужа жывога зракацца, як дзяцей бяз роднага бацькі пакінуць!? Паклічу яго з водаў азёрных, як час прыйдзе, і пайду да яго, з ім цяпер мой дом, з ім жыць стану.
— А як клікаць станеш?
— Не пытайцеся нават, — адказвае Елка. — Ня вам яго зазываць, ня вам пра тое і знаць!
А старая суседка вучыць:
- Ня з тога боку падступаецеся. Што маці не скажа – малыя скажуць.
І надумалі дазнацца ў дзяцей, як будзе клікаць Елка Вужа з берага мора. А потым пайсці самім туды, выманіць Вужа і забіць.
Завялі Елкіны браты яе старэйшага сына, Дуба, ў цёмны лес, абступілі яго і давай пытацца. Ды толькі ён адракаўся як мог, і прыкінуўся, быццам бы і ведаць нічога не ведае. Ласкай пыталіся — маўчаў, пруццем лупцавалі — толькі плакаў Так і не здолелі нічога дазнацца. Адпусцілі яго дзядзькі, сувора загадаўшы адно нічагутка маці не казаць. На другі дзень узяліся яны за Ясеня, а потым і за Бярозу, але й тыя таямніцы не выдалі.
Нарэшце завялі ў цёмны лес малодшую дачку — Асінку. Была яна ў таткі з мамкаю любімым дзіцяткам. Ніхто яе ніколі і пальцам не крануў, злога слова не сказаў. Вось сталі яе дзядзькі распытвацца. Яна вочкі долу апусціла, маўчыць, толькі галавою хітае, маўляў, нічога ня ведаю. А як паказалі ёй дзядзькі прута, затрымцела ўся, збялела, ды і расказала сакрэт.
Тады дванаццаць братоў узялі вострыя косы, выйшлі на бераг возера і паклікалі:
— Як жывы ты, муж мой верны,
Пырснуць хвалі белай пенай,
Як памёр ты — то чырвонай…
Толькі выплыў Вуж, напалі на яго браты Елкі і засяклі да смерці. Павярталіся яны дамоў, нічога сястры не сказалі. Толькі сталі косы ў сенцах вешаць, пачула Елка жалезны звон, і схамянулася яе сэрца.
- Што, браткі, - пытаецца, - так рана ў поле выходзіл?
Браты адказваюць:
- Густая трава па ранішняй расе раўней кладзецца.
А ў Елкі ўсё душа трывожыцца. Мінуў дзясяты дзень. Елка развіталася з бацькамі ля парога, перад брамаю сясцер, братоў абняла, анікому праводзіць сябе не дазволіла.
Падышла яна з дзецьмі да возера і стала клікаць з берага, як муж навучыў:
— Як жывы ты, муж мой верны,
Пырснуць хвалі белай пенай,
Як памёр ты — то чырвонай…
Замуцілася, зашумела вада ў возеры, ускіпела крывавая пена на хвалях, і пачула Елка мужаў голас з дна:
— Дванаццаць братоў тваіх косамі засеклі мяне, а выдала мяне ім Асінка, меншая, любімая наша дачушка.
Жахнулася Елка, горка-горка заплакала. Потым павярнулася да дзяцей і мовіла:
— Няма ў вас больш ласкавага таткі, няма ў мяне мужа любімага. Ніхто нас не чакае ў падводным краі, а пад адным дахам са злымі забойцамі нам ня жыць. Няхай жа збудзецца тое, што я скажу! І мовіла да Асінкі:
Стань палахлівым дрэўцам на свеце,
Век трымці, век ня знай супакою,
Люта дождж хай галінкі ломіць,
Валасы-лісце трэпле вецер.
А сынам сказала:
— Станьце вялікімі дрэвамі,
А я побач з вамі – елкаю.
Як прамовіла яна, так і зрабілася. Старэйшы сын перакінуўся ў дуб, сярэдні — у ясень, малодшы стаў бярозаю, а дачка, за тое, што спалохалася сваіх дзядзькаў і выдала ім роднага бацьку — трапяткою асінкаю. Іх маці засталася расці па-над возерам цёмнаю елкаю..
З тых часоў з’явіліся на зямлі елка, дуб, ясень, бяроза і асіна. Елка, як сумная ўдава, хіліць свае галіны долу. Асіна і ад самага лёгкага ветрыку трымціць, нібы ў страху. Дуб з бярозаю і ясенем — магутныя гожыя дрэвы, цвёрдыя і моцныя, як сэрца вернага чалавека. А чаму гэтак ёсць, толькі той і ведае, хто чуў ад дзядоў пра пана падводнага каралеўства Вужа, бедную Елку і іх дзяцей.
|
</> |