Як лісічка да хворай сястрычкі бегала (+mp3)

Аднойчы сястрычка захварэла і адправіла лісічцы мышку-пабягушку з гэтай горкай весткай.
Даведалася лісічка пра хваробу сястрычкі, сабрала лекі ды тры бляшаначкі згушчанага малака і рушыла ў няпросты шлях.
А самая кароткая дарога да сястрычкі ляжала праз шэры закінуты горад.
Бяжыць, бяжыць лісічка па галоўным праспекце, колькі мае сіл. А з руінаў страшыдла-абрыдла ўзнікае, дарогу перад ёй заступае.
– Пусці мяне страшыдла-абрыдла! Мне да хворай сястрычкі патрапіць трэба! – узмалілася лісічка.
– Дай мне бляшаначку згушчанага малака, я цябе і прапушчу, – сказала страшыдла.
Рыжанькая так і зрабіла і неўзабаве працягнула свой шлях.
Бяжыць, бяжыць яна далей. Аж выжыльваецца. А з адчыненага люка шалёны канёк-крывабок узнікае, дарогу перад ёй заступае.
– Пусці мяне канёк-крывабок! Мне да хворай сястрычкі патрапіць трэба! – загаласіла лісічка.
– Дай мне бляшаначку згушчанага малака, я цябе і прапушчу, – сказаў канёк.
Рыжанькая так і зрабіла і неўзабаве працягнула свой шлях.
Бяжыць, бяжыць яна далей. На другі канец горада дабягае. Ледзь дыхае, ды спачыну не робіць. А з іржавага аўтобуса чарадзей-барадзей узнікае, дарогу перад ёй заступае.
– Пусці чарадзей-барадзей! Мне да хворай сястрычкі патрапіць трэба! – зарумзала лісічка.
– Дай мне бляшаначку згушчанага малака, я цябе і прапушчу, – сказаў чарадзей.
Рыжанькая так і зрабіла і неўзабаве працягнула свой шлях.
Прыбегла лісічка да сястрычкі. Лекі аддае.
– А пачастунку, – кажа, – няма. На дарозе страшыдла-абрыдла, канёк-крывабок і чарадзей-барадзей па бляшаначцы згушчанага малака забралі.
– Не журыся, – кажа сястрычка. – Заставайся ў мяне. Будзьма жыць пажываць, ды згушчанага малачка нажываць. Не дарма ж дзядуля вялікі ліс Патрыкей пакінуў мне ў спадчыну згушчанкавую фабрыку.
Лісічка згадзілася. І стала ім шчасце.
А што з жыхарамі шэрага гораду сталася, дык то ўжо іншая казка. Яе без мёду на вуснах не прабаеш.
24-25 чэрвеня 2010 г.
Слухаць казку онлайн:
Хатні аўдыёзапіс аўтарскага чытання казкі можна сцягнуць тут (2.01 Мб)